epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Навальніца над полем

Гром з чорна-белай хмаркі ўдарыў глуха.

І ўсе спынілі працу: першы гром!

І кожны з радасцю і ўздымам слухаў,

Як водгалас каціўся над сялом.

 

А хмарка разрасталася, паўнела,

Паўнеба хутка-хутка абняла,

І вось — пайшло: усё, што толькі мела,

Людзям шчаслівым хмарка аддала.

 

Дождж — не такі, што свет імглою крые,

А светлы, цёплы, парны — веснавы —

Паіў на полі ўсходы яравыя,

Збіваў на поплаве пясок з травы.

 

— Красуй, зямля! — як бы казала неба.

І бачылася нам з далечыні

Жніво: у новых свірнах поўна хлеба,

А ў сэрцах песень — толькі распачні.

 

І хоць мы знаем, што такое будзе

Пасля нялёгкай працы і клапот,

А ўсё ж такі прыемна,— кажуць людзі,—

Калі па-добраму пачнецца год.

 

Дождж прашуміць — і ўраз свяжэй на свеце

Спакойнага куточка не знайсці.

Малыя нават з хат павыйшлі дзеці,

Каб як хутчэй прыгожымі ўзрасці.

1954


1954

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан