— Здароў, Навіньскі бор дрымучы!
— Здароў, здароў!..
— То — я... Ты помніш — па-над кручай,
Над плынню Сожавай пявучай,
Я пасвіў тут кароў?
— А-а... Што ж... Здароў!.. Здароў!..
— Лягло слядамі год нямала
— На нашу кожную вярсту.
Ну, як жывеш ты? Як бывала
Шуміш?.. Ці сіл забракавала?..
— Як? А ўсё так. Усё расту!..
— Скажы, не крыўдзішся ты, дружа,
Што доўга так — і ў гром, і ў сцюжу —
— Быў ад цябе удалечыні?
— Нашто!
Я крыўды, брат, не знаю,
Я крыллі ў неба развінаю,
Вось які я — зірні!
Заўжды я знаў, што і праз годы
Вярну сяброў сваіх,
заўсёды
Сваім іх гоманам знайду!
І ты... Куды б ты зноў ні крочыў,
А прыйдзеш мне зірнуць у вочы,
Каб дужым стаць...
— Прыйду!.. Прыйду!..
1958