epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

"Няхай яшчэ над нашай хатай..."

Няхай яшчэ над нашай хатай

Вісіць драпежнае крыло —

А знаем мы: свабоды свята

Настане, што б там ні было.

 

Няхай яшчэ шумлівым госцем

Па свеце гойсае бяда,

І вершы пішам на бяросце,

І кроў раняем на слядах.

 

Няхай яшчэ...

А ўжо — напэўна

Ратунку ворагу не мець.

Ідзе да нас сястрою крэўнай

Вясна, каб думкі абагрэць.

 

У час трывожны перад боем,

У час тугі і ціхіх мар

Ужо ўсім сэрцам чуе воін

Апошні енк ліхіх пачвар,

 

Ён бачыць свой загон гасцінны,

І сонца вольнае над ім,

І чырвань сцягаў над Берлінам,

І на шляхах — прывалу дым.

 

І як вяртаюцца з паходу

Сябры яго і ён між іх,

Загартаваных у нягодах,

Суровых, шчырых, дарагіх.

 

У дзень той людзі ўсе — з-пад Этны,

І ад Місуры, і з Карпат

Прад намі шапкі здымуць ветла

І скажуць:

— Дзякуем, салдат!

 

Нас правядуць услед вачыма

І засумуюць мо да слёз,

Што не такая ў іх радзіма,

Што не такі ім выпаў лёс.

1944


1944

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан