epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

"Няхай з байніц — агнём у вочы..."

Няхай з байніц — агнём у вочы,

Няхай гарматы — ў грозны рад.

Тады,— ці дым, ці морак ночы,—

А бачыць ворага салдат.

 

Тады кірунак знае куля,

І гнеў — карае ўсіх пачвар.

А вось цяжэй —

не знаць, адкуль ён

Раптоўна прыйдзе, хцівы ўдар.

 

Тады глядзі, не вер ухмылкам,

Штоміг душу бяры на ўзвод.

І помні: за тваю памылку

Адказваць будзе ўвесь народ.


1962; 1971?

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан