epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Няма радасці найлепей

Няма радасці найлепей,

Чым, адольваючы змогу,

Быць з людзямі ў тыя хвілі,

Калі ўдаль кладуць дарогу.

Расступаюцца гушчары,

Адступаюць багны, цені.

І бяры ўвесь свет — у волі,

У блакіце, у праменні!..

 

Няма радасці найлепей,—

Гэткай зычыш толькі брату! —

Чым быць там, на той сядзібе,

Дзе будуюць людзі хату.

Устаўляюць вокны, дзверы,

Лямпы вешаюць да столі.

І бяры — святло і ўтульнасць,

І жыві ў праменнай долі!..

 

Няма радасці найлепей,—

Можа, роўна толькі дзіву,—

Як чысцюткім, звонкім зернем

Засяваць у полі ніву.

Прыгравае шчыра сонца,

І ўжо, бач, і рунь дыміцца.

І ўжо — чуеш — пахне хлебам

Маці родная — зямліца!..

 

Няма радасці найлепей,—

Хоць і высніць бы хацелі,—

Як сядзець за тым застоллем,

Дзе гуляецца вяселле.

Дзе гуллівая бяседа,

Добрай славай велічанне.

Дзе і песенныя вусны,

І пяшчотнае каханне.

 

Дзе заўсёды добра знаюць:

Пойдуць годы, пойдуць дзеці,

А то знача, што ніколі

Не спыніць жыцця на свеце.

Будзе радасць, будуць людзі,

Іхняй велічы не скрасці.

І заўсёды ў свеце будзе

Прага сонечная шчасця!..

1983


1983

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3 т. Т. 3. Вершы, паэмы, апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1988. - 510 с.
Крыніца: скан