epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

"Не, не хачу мальбою слёзнай..."

Не, не хачу мальбою слёзнай

Спагаду вырваць у кагось.

Не абняслаўлю помнік грозны,

Што ўзнесла ў сэрцы маладосць.

 

Як ні было б балюча ў скрусе,

Маліць і чуліцца не мне.

Не пахіснуся, не зламлюся,

Хоць лёс і громам секане.

 

Хай будзе чорствасць, хай суровасць,

Хай просты дол, а не граніт,—

Не стану жыць адной паловай,

Другой сыходзячы ў нябыт.


1962; 1971?

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан