epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

"Не, не трэба ўспамінаць..."

Не, не трэба ўспамінаць.

Не заўжды ўспаміны нам апора.

Што з таго – толькі знаць,

Толькі чуць пра гора?

 

Што з таго — слязой скупой

Цешыць смутак над магілай брата?

Лепей бой, грозны бой —

Так лягчэй салдату.

 

Лепей стаць сырым пяском,

Белы свет нязведаным пакінуць,

Чым глытаць

крыўды ком

За сваю краіну.

 

Ты ж сама казала так,

Як мяне праводзіла — прыпомні —

Праз агонь, на бальшак...

А чаму ж сягоння,

А чаму ж сягоння ты

Пра гады маленства напісала,

Пра сады,

пра сляды

Па расе уночы на купалле?

 

І пра той суровы дзень,

Што прынёс нам стрэльбы і трывогу,

Што паклаў

жаху цень

На тваю дарогу?

 

Я чытаў, і белы свет

Мне здаваўся хатаю чужою,

Дзе абед — не абед,

Дзе душы не да спакою.

 

Знай, у першы раз мой гнеў

Не дамовіўся з гарматным гулам.

Так я крыкнуць хацеў,

Каб зямля ўся пачула:

 

— Не, не трэба ўспамінаць!

Успаміны сэрцу не апора...

Што з таго — толькі знаць,

Толькі чуць пра гора...

1941


1941

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан