epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

"Не, нікому ніколі..."

Не, нікому ніколі

не аддам свайго права

Поўным сэрцам

гарэць, летуцець і тужыць;

Уздыхаць па зялёнай расінцы на травах,

Шкадаваць аб нязбытных

і днях, і праявах,

Самых сонечных прагнуць сцяжын.

 

Сумаваць па смяшынцы,

што ты не прыслала,

І па слову, што сам не сказаў.

Цэлы век пражыву,

а мне ўсё будзе мала

Пачуцця, дзе агонь і сляза.

 

Дзень за днём пралятаюць

у чынным парадку,

Непрыкметна рассеюцца радасць і боль.

А так хочацца шчасця! —

наноў і спачатку

Свет любіць і журыцца па ім

усё больш!

 

1966


1966

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан