epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

"Не хапіла б рук..."

Не хапіла б рук, не хапіла б вачэй,

Каб абняць усю родную далячынь.

І гэты пляскотны чысты ручэй,

І гэту азёраў крохкую сінь.

І гэты стракаты ніў узор,

І небасхілаў дымную даль,

І сонечны бор, і дымны чабор,

І гэту квецень калін на грудах...

Толькі ў сэрцы і можна адчуць,

Колькі багаццяў даў табе край.

І тое, чаго не змог дасягнуць,

І тое, якое — бяры, выбірай,

Якое з маленства — як хлеб, як соль,

Як сцюдзёнай са студні вады карэц,

Як матчына песня, як радасці боль,

Якому ў сэрцы гарэць — не згарэць...


1965?

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан