epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Не легенды, не паданні

Не легенды, не паданні

Пра далёкія гады

Па сцяжынцы на світанні

Прывялі мяне сюды.

Прывялі мяне сюды

Твае росныя сляды.

 

Ты замерла пад хваінай

Недалёка ад сяла,

Дзе ў апошні раз, жанчына,

Свайго друга абняла.

Свайго друга абняла

І на бітву правяла.

 

Бачу я тваю трывогу,

Што жыве з тугой самой,

Як глядзіш ты на дарогу

І ўсё шэпчаш: — Любы мой...

І ўсё шэпчаш: — Любы мой,

Дзе ты, як мне быць адной?..

 

Значыць, ты яшчэ, сястрыца,

Не развітваешся з ім,

Значыць, думаецца, сніцца

Аб бязмежна дарагім?

Аб бязмежна дарагім,—

Што не роўніца другім.

 

Я б сказаў усё дазвання,

Як ён стрэў жыцця мяжу.

Але што твайму каханню,

Што каханню я скажу?

Што каханню я скажу,

Як у вочы пагляджу?

 

Можа быць — вось так і трэба

Сэрцу вернаму тужыць,

Каб заўжды пад родным небам

Мы прыгожа ўмелі жыць.

І за гэта шчасце жыць

Галаву ў баі злажыць!

1956


1956

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан