epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Не магу я застацца адзін

Не магу я застацца адзін —

Без людзей,

Без лятункаў, без мараў людскіх

І надзей,

Без іх сонечнай радасці —

Веры ў свой лёс,

Без іх песень, і смеху,

І нават без слёз...

 

Не магу ні на міг я

Пакінуць сябе

Без агню, што гартуе душу

Ў барацьбе,

Без агню, што народжаны

Ў душах людскіх —

Душах верных таварышаў,

Сябраў маіх.

 

Не магу! Бо іначай —

Як мог бы я жыць!

Хіба каменем тым,

Што стагоддзі ляжыць?

Хіба кратэрам, што выбухае

Парой,

Каб адразу застыць

Над зямною карой?

 

Людзі, ёсць у мяне

Ток сардэчны жывы,

І таму ён жывы,

Што вакол мяне — вы,

І пакуль я між вас,

Пакуль дыхаю сам,—

Вам за шчасце быць з вамі

Усё я аддам!

1959


1959

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан