epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

"Не падводзьце, не падводзьце, хлопцы, рысы..."

Не падводзьце, не падводзьце, хлопцы, рысы.

Не заводзьце

ў цень памінак

юбілей.

Не крышыце, не крышыце здобу ў місы.

Беражыце, зберажыце свой алей.

Не курыце, не курыце фіміяму.

Не свяціце юбілейнае вады.

Лепш скажыце,

што яшчэ, маўляў, ён самы

Самы-самы недавука малады.

 

Лепш пашліце, лепш пашліце давучацца..

І калі сябры спытаюць «дзе ж ён, дзе?»,

Адкажыце:

не такая ўжо ён цаца,

Каб нам ведаць,

дзе ён едзе ці ідзе...

 

Адкажыце:

можа, блізка, мо далёка...

На зямлі ці каля зор спяшае жыць...

Ён, такі-сякі,

ад выраку і ўроку,

Ён, такі-сякі,

ад немачы

бяжыць...

 

1978


1978

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан