epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

"Не трэба ясным быць прарокам..."

Не трэба ясным быць прарокам,

Каб зразумець, чаму баліць

Душа па любасці далёкай,

Якой нічым не замяніць.

 

Але па ўсмешцы, блізкай самай,

Што тут вось, побач, расцвіце,

Хіба не журымся таксама,

Як зорка спадная ў рацэ?

 

Хіба не хочацца часамі

Паплакаць голасна, хоць міг,

Па ўсім, па ўсім, што любім самі

І што чакаем для саміх?..


1962; 1971?

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан