epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

"Не ў тыя рукі..."

Не ў тыя рукі

трапіў чысты звон,

Што ў час бяды народнае вялікай —

Не да змагання, не да славы клікаў,—

Не ў тыя рукі

трапіў чысты звон...

 

Не ў тыя рукі трапіў востры меч,

Што не аховай велічных парываў,

А грозьбай быў, караў несправядліва...

Не ў тыя рукі

трапіў востры меч!

 

Не ў тыя рукі трапіў той граніт,

Што не для вечных помнікаў героям,

А для бажніц

з ялейным аналоем —

Павылізаны быў з цярплівых пліт...

Не ў тыя рукі

трапіў той граніт!..

1979


1979

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3 т. Т. 3. Вершы, паэмы, апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1988. - 510 с.
Крыніца: скан