epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

"Не ўсё я выверыў, паверце..."

Не ўсё я выверыў, паверце,

І ўзяў ад радасці не ўсё.

Жыву паміж жыццём і смерцю

Штодня — вясёлы навасёл.

 

Жыву і веру ў праўдалюбства,

Хоць выйшаў з бітваў немалых,

І часта, як у цьмяным люстры,

Мігціць прамень надзей маіх.

 

Бывае — сцісне нешта сэрца,

Крычыць яно: «Я гіну, ўсё!..»

І ўсё ж пайду далей, паверце,

Пайду, вясёлы навасёл.


1962; 1971?

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан