epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

"Ніколі не позна..."

Ніколі не позна згадаць сцяжыны

Спатканняў першых,

Ніколі не позна спеў капяжыны

Пачуць з юнацтва,

Не позна ўбачыць хвілінай смутку,

Як прагнулі губы губ тваіх.

Не позна ачнуцца.

Не позна вярнуцца.

Калі яшчэ ёсць хоць адна мінутка

Для даравання.

Хоць адна на дваіх.

Але як позна,

Як позна заўсёды —

Жадаць вяртання гадоў з нягоды!

Позна ўспомніць,

Як цябе чакалі,

Не дачакаўшыся,

з просьбаю слёзнай...

Позна шаптаць «даруй»

Там, дзе крыллі апалі...

Позна!

Позна гэта, друг чалавек!

 

1963


1963

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан