epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Ноч у лесе

Кожная ясная зорка

Выбрала ў лесе сасонку,

Ззяе на самай вяршыні,

Свеціцца ў цемры начной.

Гэта ўсё —

высяцца мачты

Радыёстудыі і звонкай,

Радыёстанцыі леса,

Далі бясконцай лясной.

 

Зможаш ты сэрца настроіць

На яе звонкія хвалі,

Колькі заўважыш навокал

Любасці і хараства!

Слухай, як ласкава ліпы

Дуб з-за ракі прывіталі,

Слухай, як цёпламу ветру

Кланяецца трава.

 

Дзюбаю дзяцел па дрэве

Грукнуў — пайшло адгалоссе.

Што ён сказаў? Мо аб нечым

Птушак перасцярог?

А на паляне, на лядах,

Жыта ўздыхнула калоссем,—

Песню пачула, напэўна,

З позніх дзявочых дарог...

 

Можа, ты мову прыроды

І не зусім зразумееш,

Толькі — я веру — заўсёды

Сэрцам адчуеш усім: —

Многа ў жыцця прыгажосці,

Радасць яго не старэе,

Варта змагацца за тое,

Каб не развітацца з ім!

1953


1953

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан