epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Новая хата

Па-над Сажом,

на дворышчы старым,

Дзе ўчора бой яшчэ грымеў заўзята,

Гамоняць сёння звонка тапары.

Вяскоўцы новую будуюць хату.

 

І вось паклалі тры вянцы дзяды,

І да салдаткі хітра:

— Што ж, кабета...

Вам невядома, можа, маладым,—

Каб добра жыць — змачыць бы трэба гэта...

 

Рукамі ўсплёсла ўвішная салдатка:

— А бож!..

Рупліва скочыла ў акоп

І да дзядоў прынесла па парадку

Тры пляшкі, хлеб і леташні укроп.

 

Дзяды паселі разам на куце,

Пацалавалі тоўстыя штандары.

— Дай, бог, жыццю цвісці і залацець.

— Дай, бог, загубы ворагам-пачварам!

 

І ўсім наліў старэйшы ад усіх

Па шклянцы горкай — горам настаянай.

Укропам хлеб пасыпаў.

— За жывых!

За тых, што не сустрэнуцца ўжо з намі.

 

Дзяды пілі, курылі і пілі,

А гутарка была зусім цвярозай,

І не магла ніяк стрымаць —

цяклі

У гаспадыні радасныя слёзы.

 

Ёй так хацелася дзядам сказаць,

Хоць тыя самі зналі дасканала,

Што болей тут чужынцам не бываць,

Што ўжо над рунню сонейка заззяла,

 

Што будзе хата новая і мо

З вайны каханы вернецца, дасць божа...

Ляцелі гусі з выраю дамоў

І тапары звінелі — весела і гожа...

1943


1943

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан