epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Новы дом

Маланкі — справа, злева,

Ажно рака — з двара.

Грымотная залева

Б’е ў вокны, бы з вядра.

 

Над дахам — з сілай мая

Ляскочуць перуны...

Так новы дом прымае

Камісія вясны.

 

Сама вясна сурова

Рашыла даць прысуд,

Ці добра ў доме новым

Сябе адчуе люд.

 

Ці ўтульна, ці прытульна?

Ці па залевах — дах?

Ці, можа, зноў —

агульна

Здалі вялізны гмах?..

 

І вось — яшчэ на ўздыме —

Раптоўна змоўкнуў гром.

Вясна падводзіць вынік:

Цудоўна зроблен дом!

 

Стой, дом, свой век даўжэзны!..

...І толькі сціхла ліць —

Выходзіць да пад’езда

Дзяўчына —

хто сасніць?!

 

Ажно,— як бы са скрухай,—

Залюбаваўся сквер —

Красуняй і фарсухай

Эпохі НТР.

 

Яна ж, каб скон быў справе,

З бетону, бы мастак,

Каля ўвахода ставіць

Свой тут апошні знак.

 

Малюе кельмай кола,

А ў ім — без лішніх слоў:

Наташа плюс Мікола —

Раўняецца — Любоў...

 

1979


1979

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан