epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

"Ну і што ж... Ну і што ж..."

Ну і што ж... Ну і што ж...

Мы з табою крыху пастарэлі...

Часам бачу:

хаваеш у вейках іскрыначкі слёз...

Але сэрцы!

Яны — як раней.

Толькі клікні —

і кінуцца на арэлі

Сярод сініх званкоў

і вячыстых бяроз.

 

Сэрцы прагнуць жыцця.

Так і чутна ім: «Гушкай! Гушкай!»

І здаецца...

Ды не, не здаецца зусім!

Я б і сёння ўзляцеў

аж пад сонца імклівай птушкай —

Перад радасцю,

Перад захапленнем тваім.

 

Я б і сёння

Імкнуўся

дастаць табе самую светлую зорку,

Толькі б ты пажадала —

як раней,

як калісь у далёкім жыцці...

Ну і што ж... Ну і што ж...

Мы з табой пастарэлі...

Можа, гэта і горка...

Але ўсё не бяда,—

не забудзь толькі —

час ад часу загадвай:

— Ляці!..

 

1975


1975

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан