epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

"О колькі я за век свой непаўторны..."

О колькі я за век свой непаўторны

Набудаваў палацаў і святліц!

А хата матчына са смольных бёрнаў

Вышэй за іх, святлей за іх стаіць.

 

Заўсёды-ўсюды бачная здалёку,

З усіх на свеце сцежак і дарог,

Няспынна вабіць позіркамі вокан,

Цяплом і ласкай кліча на парог.

 

Праменіцца, не меркне аніколі,—

І ў буру свеціць, і парой любой...

І ўсе палацы ўзняць таму я здолеў,

Што хату маці бачыў прад сабой.

 

Што праз жыццё праносіў, як святыню,

Спамін пра велічны, зіхотны кут...

Дзе бог сівенькі ціха мовіць: «Сыне...»

І зніме з сэрца болі ўсіх пакут.

 

І адвядзе рукою мудрай гора,

Каб у душы лятунак ажывіць...

А потым — без карання і дакору

На шлях наступны ціха блаславіць...

 

1984


1984

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3 т. Т. 3. Вершы, паэмы, апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1988. - 510 с.
Крыніца: скан