epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

"О не! Не загіне планета!.."

О не! Не загіне планета!

Смерць не будзе ўладарыць на ёй!

Паглядзіце, як бабка сівая

Вымуроўвае печку сабе.

 

Хоць трасуцца старэчыя рукі,

Бач, як з глінаю месіць пясок.

Бач, як цешацца рупныя вочы,

Хоць і цемраць іх пот і сляза.

 

— Ну-тка ж, дзеткі,—

загадвае ўнукам,—

Дайце корчык, падліце вады!..—

І лажацца раўнютка цагліны

Згодна, ладна, нібы напаказ.

 

Людзі крочаць, здзіўляюцца людзі,

Прыпыняюцца, доўга глядзяць...

А навошта ёй гэткая печка? —

Папытаюцца, перш чым ісці...

 

Толькі ўнукі і праўнукі моўчкі

Падсабляюць бабульцы сваёй...

Бо даўно ўжо вядома ім:

печку

Вымуроўвае бабка для іх...


1983?

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3 т. Т. 3. Вершы, паэмы, апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1988. - 510 с.
Крыніца: скан