epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Па-над рэчкай

Песня

 

Па-над рэчкай, па-над рэчкай,

На калгасным на палетку

Зноў запахла мёдам грэчка,

Як штогод — парою гэткай.

Зноў пакрылася рабіна

Цяжкай хусткай барвяною,

А дзяўчына, а дзяўчына

Ўсё яшчэ жыве вясною.

Ўсё яшчэ ёй чутны песні

Салаўіныя з той ночы,

Калі хлопец на прылессі

Цалаваў ёй палка вочы

І шаптаў кахання словы,

Малады, высокі, стройны,

Такі дужы, чарнабровы,

Такі шчыры, неспакойны.

Ходзіць дзеўчына па сцежках,

Дзень за днём прыпамінае,

Не сыходзіць з твару ўсмешка,

Льецца песня, не сціхае,

Песня льецца, не сціхае,

Хлопца ласкава гукае,

Хлопца ласкава гукае,

Шчасця новага чакае...

А над рэчкай, а над рэчкай

Пахне, пахне мёдам грэчка...

1947


1947

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан