epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Па дарозе на форум міру

І вось рэактыўны —

пявучай каметай.

І недзе Радзіма — світаннем здаля.

А ўнізе... А што там унізе?.. Наша планета?..

Няўжо гэта ўсё яшчэ наша Зямля?..

Любая, колькі ж, колькі ў ёй красы,

Колькі адкрытай велічы чыстай!

Ляжаць кантыненты, нібы паясы,

І рэкі між горамі, нібы маністы.

Купкі лесу — вяснушкі гор.

Хрыбты — парэпаныя грудзі мамантаў.

Ціха свецяцца думы азёр

Перад сцюжаю акіянскага ляманту.

Вунь Осла. Прыляпіўся на сіняй падашве,

Дымным фіёрдам абвіўся весела.

Ці яна стаіць, Нарвегія, ці плыве,

Частаколам скальным абнесеная?

Здаецца, палова свету ляціць, адарваўшыся

ў акіян.

А можа, вяртаецца да зямлі-маці.

І ныраюць праменні ў смужны туман,

Як дазор кантынентаў,—

не стрымаць, не дагнаць іх.

А вунь Грэнландыя. Астравы — як айсбергі.

Зацененыя і задуманыя берагоў адхоны.

З поўдня — паводка лістоты зялёнай,

З поўначы — сцюжныя бліскаюць радугі.

Быццам асілак, у сне патрывожаны,

Вось ён — гудзе Ледавіты Паўночны.

Верх — стынь, сіняе шкло,—

і параніцца можна,

Ніз — белая бель, завея,

аж мружацца вочы.

Самалёт б’е ліхаманкай,

хвалюецца рэактыўны асілак.

Але вытрымаў,— плавіцца паветра аб сталь.

І ўперад, і ўперад! Сіла!

І новая, новая свеціцца даль.

Новыя берагі, новыя моры, прылівы,

На прылівах — яхты, на яхтах — снег парусоў.

Паглядзіш — і радуешся:

які ж ён шчаслівы,

Свет,—

У праменнях,

У хвалях,

У зеляніне лясоў.

Які ж ён шчаслівы ў кіпенні жыцця веснавога!..—

Так і крычаў бы, здаецца, наноў і наноў.

Але што гэта? То з аднаго кутка, то з другога

Разанулі планету ўспышкі —

маланкі гарматных ці бомбавых перуноў...

Яны палыхнулі і зніклі, і праменняў паводка

Запаланіла зноў без канца далягляд...

Ды толькі ўжо для сэрца

утульнасці няма салодкай,—

Успомнілася нядаўняе — з бясконцай жалобнасцю

страт.

Успомнілася жудасць навалы —

асірочаныя плачуць дзеці...

Успомнілася —

над закатаванымі роспачныя галасы...

А самалёт імкне...

і бягуць, бягуць на планеце

Усё новыя далягляды, акіяны жыцця і красы.

Жыццё так цвіце і буяе... А ўсё гэта магло ж

загінуць...

І можа загінуць...

Калі не станем за гэта грудзьмі...

І, нібы чуючы роздум

усхваляванай душы

няспынны,

Самалёт як хутчэй адкрывае свет прад вачмі...

Пікі гораў, і моры, і лясоў, і палеткаў кілімы...

І пад імі гучыць мне велічна —

са світання, здаля —

Бласлаўленне Радзімы і загад Радзімы:

— Аберажы Зямлю ад згубы!

Бо яна ў нас адна — Зямля!..

1969—1975

Нью-Йорк — Мінск


1970?

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан