epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

"Па рыбацкіх дарогах..."

Па рыбацкіх дарогах

З табою

Кружылі...

Ля кастроў піравалі,

Без кастроў гаравалі...

Што ж, мой дружа,

Відаць,

Так вякі варажылі —

Каб рачныя вятры

па-над намі тужылі

І на самым далёкім,

Апошнім,

прывале.

 

Можа, некаму

Гэта звычайна і проста:

Што травінка,

Што хваля,—

ці ёсць, ці няма іх...

Нам жа

Свет наш жывы

З дзіў маленькіх выростваў;

У расінцы,

У посвісце ціхім бяросты

Столькі ласкі

Гучыць,—

Аж слязою праймае...

 

Хай пяройдуць і ў бронзу

Трывогі і ўцехі,

Хай бы й мармурам сталі

Ўсе слёзы і ўсмешкі,—

Усё роўна

жыць будзе

Берагоў нашых рэха

І гукаць

не прыстане

Ад сценаў, ад стрэхаў,

Ад зацішкаў, ад сноў

на вятрастыя сцежкі...

 

1978


1978

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан