epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Пачатак ракі

Ніхто не думаў, што такі

Пачатак светлай той ракі,

Дзе горад наш, дзе мы жывём,

Дзе школы нашай роднай дом...

 

Ішлі мы праз лясы, палі,

Здавалася — праз цэлы свет,

Пакуль сярод лугоў знайшлі

Рачулкі ледзь прыкметны след.

 

Нібы па нітачцы, па ёй

Далей мы крочылі ў паход.

І раптам — бачым прад сабой

Крынічку, дзе струмень, як лёд.

 

Імкне струмень, звініць струмень,

Над ім — крушын і вольхаў цень,

Пад ім — пясочак залаты,

А паабапал — чараты,—

 

І ўсё, і гэта й ёсць такі

Пачатак светлае ракі,

Дзе горад наш, дзе мы жывём,

Дзе школы нашай роднай дом.

 

Стаім, задумаўшыся, ўсе:

Няўжо магчыма, каб з такой

Крынічкі — вырас пакрысе

Паток — і слаўнай стаў ракой?

 

Пачулі словы мы тады:

— Сябры, запомніце навек,

Што без такой малой вады

Вялікіх не бывае рэк;

 

Вось я настаўнік ваш, а я

Калісьці быў такі, як вы,

Таксама здзіўлена стаяў

Каля крынічкі між травы.

 

Але прыйшоў з гадамі час,

Край узрасціў і ўзняў мяне,

Каб сёння я прыйшоў да вас

І вёў па сонечнай вясне.

 

І я хачу, каб кожны знаў,

Не забываў, успамінаў,

Што ён — крынічны той струмень,

З якога вырасце рака,

І новы свой сустрэне дзень

Вачмі героя-юнака.

1954


1954

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан