epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Пах чабаровы

Не прыдумаю сама,

Што са мной здарылася:

З працы сёння йшла дамоў

І з дарогі збілася.

 

Мне б ісці каля ракі.

Я ж пайшла дубровай,

Галаву маю кружыў

Пах чабаровы.

 

Я ішла ўсё ды ішла,

Аж пакуль сумелася.

І не ведаю сама,

Як з Ігнасем стрэлася.

 

А Ігнась жа — ён са мной

Ды такі суровы...

Не кружы ты галавы,

Пах чабаровы!

 

Хлопец глянуў на мяне —

Я аж здрыганулася.

Але што са мной? Чаму

Да яго схінулася?

 

І чаму так мілы мне

Прывітання словы?

Кружыць, кружыць галаву

Пах чабаровы!..

 

Неба ззяла над зямлёй

Яркай вечарніцаю.

Доўга мы сядзелі з ім,

З любым, над крыніцаю.

 

Толькі ціхія дубы

Чулі нашы змовы...

Ой, вясна мая, вясна,

Пах чабаровы!

 

Што скажу матулі я,

Як часінай позняю

Я з’яўлюся перад ёй,

Ласкавай і грознаю?

 

Што скажу, схаваю як

Водар той дубровы?

Я ж у хату прынясла

Пах чабаровы...

1954


1954

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан