epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

"Пахне хлебам шлях..."

Пахне хлебам шлях,

нібы ў жнівень асець.

І дрыжыць павуціннем лятункаў смуга.

А ў сэрцы

варочаецца,

як у бярлозе мядзведзь,

Ніяк не засне туга.

 

Закіданая лісцем

юнацкіх прысад,

Па-высокаму трубіць

дарожная даль.

Чаго ж ты маўчыш?

Няўжо не рад?

Няўжо ты не сам

тут песні складаў?

 

За Сажом

далёка

устае зара.

Падаю руку ёй,

насустрач іду.

А вецер свішча:

пара, пара,

Пара, браце,

прыспешваць хаду!..

 

1965


1965

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан