epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

"Пад чорнай, пад глухою, пад грымотнаю сцяной..."

Пад чорнай, пад глухою, пад грымотнаю сцяной

Чакаў я, так чакаў:

а можа, хоць праменьчык заірдзее...

І хтось прыйшоў...

І хтось пяшчотна нахіліўся нада мной...

І я расплюшчыў вочы...

І спытаў імя...

І я пачуў:

— Надзея...

 

Пасля былі —

прадонне, невядомасць, забыццё...

І ўспышкі, і трывожнае, спякотлівае: дзе я?..

І кожны раз,

як хоць на міг вярталася жыццё,

Я чуў аднекуль,

Чуў пяшчотна:

— Гэта я,

Надзея...

 

І я паверыў...

І было гэта далёкаю вясной.

І вера для мяне была —

як новай долі дзея...

І тая вера праз жыццё заўжды ідзе са мной.

І ўсё таму,

Што перш была —

Надзея...

 

1975


1975

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан