epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

"Пад месяцам, пад эмблемай зямнога спакою..."

Пад месяцам, пад эмблемай зямнога спакою,

Я сеў на камень. Ільсніцца ў лозах рака.

І шырока-бязмежна, што не абняць і душою,

Сусвет нахіляецца да майго казырка.

 

Нахіляецца гулам пушчы, пляскам вады крынічнай,

Запалавелым жытам, вясёлай гульнёй зарніц,

Травінкамі, завяззю баравой сунічнай,

Качыным лопатам, пахамі медуніц.

 

Нахіляецца сусвет нада мною, і пад яго дыханнем

Я ў забыцці адчуваю, што, нават узняты хвалой,

Я — толькі малая пясчынка,

сагрэтая сонечным ззяннем.

Пясчынка,

якойвыпала шчасце

трохі пабыць жывой.

 

Сяджу і думаю:

які ж я дзівак быў учора.

Часам з некім грымеў, часам некаму

ў вочы кадзіў.

Хваляваўся, кідаў да кагосьці дакоры.

Захапляўся. Магчыма, не дзівам між дзіў.

 

Да кагосьці ляцеў і кагосьці ў душу сваю клікаў,

Так спяшаўся — хаця б не спазніцца, паспець.

А таго не ведаў, што самае шчасце вялікае —

Гэта з сусветам

адзін на адзін пасядзець.

 

Ён мяне не пакрыўдзіць і не зможа прынізіць,

Бо я яго вартасць ведаю і вялікасць цаню.

І сяджу я на камені, у сузор’і ўнізаны.

Як пясчынка, што прагне цяпла і агню.

 

А ноч — то стрымае хмарку,

каб тут пахадзіла,

То бліскотнаю зоркай з вышыняў махне.

Ноч, толькі не рабі ты

месяц кадзілам.

Не кадзі нікому. Нават і мне.

 

1965


1965

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан