epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Пад зоркай чырвонай

То далеч разлогаў,

То нівы, то ўзмежжы ў сіўцах...

Дарога, дарога

Бяжыць і бяжыць без канца...

 

Дарога, дарога,

Куды ты, куды ты бяжыш?

Дарога, дарога,

Чаго ты, чаго ты маўчыш?..

 

Сказала дарога:

— Я з светам пазнацца хачу.

А колькі бягу я —

Нідзе я, нідзе не маўчу.

 

Пабачце, пабачце,—

Як толькі пагляду стае,

Высока, далёка

Стаяць абеліскі мае.

 

На кожным — імёны,

На кожным — бяссмерця пячаць.

Пачуйце, пачуйце —

Ні хвілі яны не маўчаць...

 

Вось тут, куды сёння

Прыйшлі вы шчаслівай гурбой,

Калісьці

Гарачы

Грымеў над дарогаю бой.

 

Назад ані кроку! —

Такі быў героям загад...

Ніхто не забудзе,

Як біўся тут мужны салдат.

 

Вяртаўся з разведкі

Ён ранкам да штаба свайго.

Чужынцы ліхія

Вось тут акружылі яго.

 

Над ім самалёты,

Над ім агнямёты раўлі,

Каб выпаліць з сэрца

Любоў да бацькоўскай зямлі.

 

Над ім аж шалелі

Разрывы снарадаў і мін.

Каб духам скарыўся,

Забыў,

Чый баец ён і сын...

 

Ды ўсё ён адолеў,

Адданы Радзіме салдат.

Да кулі апошняй

Біў катаў

яго аўтамат...

 

Да кулі апошняй

Крывавых караў чужаніц...

Пакуль на дарогу

Не ўпаў, дол крывавячы, ніц...

 

Героем няскораным

Ён у той ранак упаў.

Таму над дарогай

Навек абеліскам і ўстаў.

 

Пад зоркай чырвонай

Стаіць,

Наш вітаючы час,

І маці-Радзіму,

І новых сяброў сваіх —

вас...

 

Сказала дарога,

Не пынячы бег па зямлі...

І ясныя зоркі

Над ёю плылі і плылі...

 

Дарога, дарога,

Бяжыш ты да сонца амаль.

Вазьмі ты, дарога,

Нясі нашы роздумы ўдаль.

 

Паклон наш героям,

Удзячнасць ад сэрцаў вазьмі,

Пра нашу адданасць

Радзіме —

Скажы між людзьмі...

 

То далеч разлогаў,

То нівы, то ўзмежжы ў сіўцах...

Герояў дарога,

Ў жыццё нас вядзі без канца!..

1985


1985

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3 т. Т. 3. Вершы, паэмы, апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1988. - 510 с.
Крыніца: скан