epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Паданне пра салдата

(Фрагменты паэмы.
З франтавых накідаў)

Ты скажы мне, зямля мая,

Колькі слаўных і мужных сыноў

Да цябе не вярнулася

З грозных ваенных шляхоў?

 

За аршанскімі брамамі

На руінах палеглі адны.

А другіх аж ля Волгі

Пахавалі ў пясках валуны.

 

Але ўсюды, дзе б ростані

Ні прымусілі іх паміраць,

Пра адно яны думалі:

Толькі б гора тваё зваяваць.

 

Толькі б выручыць,

вызваліць

Ад навалы твой шлях і твой дзень,

Тваю мару вячыстую —

Ахаваць на вякі

для людзей.

 

На руках паміраючы,

Аддавалі нам зброю сваю.

І прасілі, каб ворагаў

І за іх мы знішчалі ў баю.

 

Помняць далі смаленскія,

Як ішлі мы да бацькаўскіх хат.

Там ляжыць пад калінаю

Бараўнічы, харобры салдат.

 

Над ракою Угрой

Накапалі магілку салдату,

А жалобу з сабой

Паняслі да ягонае хаты.

 

Колькі боек прайшлі,

Колькі жыццяў згарэла, як знічак?..

Дзе ён, груд той зямлі,

Што навекі абраў Бараўнічы?

 

Многа пройдзена вёрст,

А здаецца байцам днём і ўночы,

Ці зашэпча авёс,

Ці абпалены лес зашапоча,—

 

Ім здаецца штораз,

Быццам сябра гукае іх звонка:

Пакуль гнеў не пагас,

Ідзіце, чакае старонка!..

 

Далёка той бераг...

А хлопец нібы паміж намі,—

Салдацкаю верай,

Салдацкімі думамі, снамі...

 

І вось ажыло паданне...

Па цёмных лясах,

Па мройных палях,

Дзе кожная траўка крывёю паліта,

І позняй парой і ранняй,

Ці ранак

Асыпле пялёсткі на шлях,

Ці ноч

Рассцілае туманы над жытам,

 

Праходзіць яно па шляхах крыжавых,

На варце стаіць, у паходы гукае,

І шчыра і проста даходзіць да ўсіх

Аповесць такая.

 

Быццам бачылі самі

Тры хлопцы-салдаты,

Як з магілкі ўставаў Бараўнічы.

Быццам чулі начамі

Тры хлопцы-салдаты,

Як гучаў яго кліч ваяўнічы.

Прасіў ён сваю

Ненаглядную маці

Па ім не рыдаці

Маліў Беларусь,

Колькі сіл яго стала,

Каб сум разагнала,

Свабоды чакала!

 

А яшчэ кажа так паданне:

Ледзь вячэрнія ветры павеюць з дуброў,

Бараўнічы блукае адзін па курганні

І шукае, гукае сяброў.

 

Па-над ім расцвітаюць высокія зоры,

Пад расою ўздыхаюць, свяжэюць лугі,

І так хочацца сэрцу свабоды, прасторы,

Што, глядзі, разарвецца з тугі.

 

Хлопец спыніцца, сціхне,

Што там чуецца ў далях?

То ж, здаецца, гарматы

Зару прывіталі.

 

Хлопец слухае.

Што там за песня такая?

То ж, здаецца,

сябры яго ў бітву гукаюць.

І магілу сваю хоча кінуць салдат

І спяшацца

ляцець да бацькоўскіх прысад.

 

Там яго на руках

Колісь маці насіла.

Там усё з даўніх дзён

Гэтак люба і міла.

 

І сцежкі, і краскі,

І песні, і казкі,

І лес, і дубровы,

І захад барвовы.

 

Ды не гэткая выпала воіну доля,

Не пакінуць яму здратаванага поля.

Ледзьве ступіць ён крок

На заход ад магілы —

Падымаюцца здані

Ля вербаў пахілых.

 

Ледзьве ступіць другі —

Перад ім, нібы хмара,

Тыя здані ўстаюць,—

Непазнаныя твары.

 

— Гэй! — крычыць Бараўнічы.—

—Скажыце мне, хто вы?

Аж магутнае рэха

Ідзе за дубровы.

 

— Як свае вы, дык рукі

На дружбу падайце.

А як ворагі вы —

Дык галовы трымайце!

 

Сціхла ўсё. Нават вербы

Маўчаць, бы жывыя.

— Хто вы? — зноў ён пытае

І чуе:

— Мы тыя,

 

Што ішлі за табою

І ўранні і ўвечар,

Каб скарыць тваё сэрца,

Сагнуць твае плечы.

 

Сотні год мы нянавісць

Сваю гартавалі,

Каб пры нас груганы

Твае вочы дзяўбалі.

 

Мы тэўтонаў нашчадкі

І табе не даруем ніколі,

Што паўстаў супроць нас,

Пакасіў нас у полі.

 

Твае косці славянскія

Па полі раскінем.

А магіла твая

Будзе багнаю сіняй.

 

Чуеш? Стань перад намі

Хутчэй на калені...

 

Бараўнічы ўсміхнуўся,

Нібы ў задуменні.

 

Што ён думаў? Пра тое

Не гаворыць паданне.

Толькі кліч яго грозны

Пачула курганне:

 

— Гэй жа, злыдні, былі вы

Да славы ахвочы.

Я свінцом напаіў

Вашы прагныя вочы.

Мала вам — болей дам!

Будзе бой, будзе люты.

Зноў прыпомню я вам

Майго краю пакуты!

 

Ні гранат у героя, братцы,

Ні вінтоўкі.

Калі хавалі,

Мы змаглі з ім як след развітацца,

Толькі зброі ў зямлю не паклалі.

 

Як бы сціснуў ён зараз

Сваю стрэльбу — рука адпачнула!

Як бы ўспомніў, таварыш,

Ён тваю таварыскую чуласць.

Над касцямі тэўтонцаў

Пакланіўся б табе, як сонцу:

— Дзякуй, дзякуй, мой браце,

Салдаце.

 

Але, мусіць,— героі дужыя

Нават тым, што жывым не ў знак,—

Нават шэптам балотнай ружы,

Нават жвірам рачнога дна.

 

Нават вецер-вяшчун крылаты,

Нават кветка, лісток дубка —

Ўвесь свой гнеў аддаюць салдату,

Каб мацнела яго рука.

 

І ўсю ноч над Угрой

Не сціхае гарачы бой.

 

Не! Не ўдасца ліхому зброду

Стаць сцяной між зямлёй і небам.

Бараўнічы ўмеў заўсёды

Пастаяць за сябе як трэба.

 

Гэта цаля зямлі шырокай,

Што сягоння завуць магілай,

Ад бацькоўскіх палёў далёка

Стала сэрцу такою мілай.

 

Тут усё з ім, у цалі гэтай,

Што пражыта і што, як мару,

З цяжкім ранцам пранёс ён светам

Скрозь нядолю і скрозь пажары.

 

І хоць лепш адпачыць пад сонцам,

Але гэткі ўжо лёс героя,—

І ў бяссмерці не ведаць спакою,

Быць зямлі абаронцам.

 

І ўсю ноч над Угрой

Не сціхае гарачы бой.

 

Б’юць наўкола трывогу

Жывыя крыніцы.

Само ліха ідзе на падмогу

Ліхім чужаніцам.

Пот і кроў на слядах...

Але ёсць яшчэ ў хлопца сіла!

Бо з маленства бяда

Быць упартым яго вучыла.

 

Бараўнічы —

сам сокал —

Груганоў ненавісных знішчае.

Ля каліны высокай

Па-над ім яго шчасце лунае.

 

Тое шчасце, якое

З хаты маці панёс ён з сабою.

Тое шчасце, якое

Яму мужнасць давала ў час бою.

 

Вось яно разгарнула

Над ракой свае крыллі тугія,

На ўсе грудзі ўздыхнула —

І пабеглі пачвары ліхія.

 

Хто ў дрыгву, хто ў шыпшынне,

Аж па ўсёй па даліне.

Куды вочы вядуць,

Куды ногі нясуць.

 

І к магілцы ў той міг

Падплывае блакітная хваля —

Змыць з героя гарачы пот.

Бераг зноўку заціх,

І сядзіць Бараўнічы і ў марах

На радзіму трымае палёт.

 

Бача ён за балотам

Скрыжаванне дарог.

Ад ліпнёвай спякоты

Ціхі лог занямог.

 

Толькі дзесь на руінах

Плач пачуўся. Чаму

Голас родным і мілым

Раптам здаўся яму?

 

Над калыскаю, можа,

Голас той па начах

Пеў хлапцу аб прыгожых

Аб купальскіх агнях?

 

 

Ці ў маленстве, мой родны,

Без маркотных думоў

На той голас лагодны

Ты спяшаўся дамоў?

 

Дамоў...

Як з касою прайшоўся б ён пожняй!..

Дамоў...

Нават вымавіць слова

не можна...

 

Хіба могуць смяяцца вочы,

Калі

Слёзы іх у тузе сірочай

Жылі?

 

І прад тым,

як ізноў

Сном прывеціць зару,

Просіць маці салдат:

— Даруй...

 

Не выходзь ты на шлях,

Не чакай ты мяне,

Сціхла сэрца ў грудзях

На дваццатай вясне.

 

Сілы досыць таіў,

Змалку страху не меў.

Пастрачала ў баі

Злая куля мяне...

 

Ён на захад глядзіць з маркотай,

Чуе там крумкачовы грай.

— Маці, маці,

мне б сёння з ротай

Прабівацца

ў бацькоўскі край.

Ды ці здужаць нагам паходы?

А ці выстаяць хоць да зары?

Беларусі нясуць свабоду

Баявыя мае сябры.

 

Ты насустрач ім выйдзі ў поле,

У зялёны наш сад праводзь.

Можа, ўспомняць мяне

на волі

Ды пажурацца трошкі хоць.

 

Пачастуй іх кляновым сокам,

Што вясной нацадзіла мне.

Хай увойдзе ў іх сэрцы глыбока

Боль па роднай маёй старане.

 

Каб жыла з імі

помсты прага.

А, згадаўшы цябе ў баю,—

Каб праносілі побач са сцягам,

Нібы зброю,

і скруху тваю...

 

Шчыры заклік сыноўніх слоў

Колькі будзе блукаць па сцежках?

Цераз фронт праз гушчар лясоў

Да Прапойска яму ці дабегчы?

 

Ці дабегчы да тых дарог,

Для якіх у хвіліну гэту

Бараўнічы, каб толькі мог,

Дык аддаў бы

палову свету...

 

Так ён кліча — усе хай пачуюць!

І штодзень і штоночы

Па краіне сумуюць

Бараўнічага сэрца і вочы.

 

І тады толькі хлопец

спакойна засне,

Калі край, дзе матуля яго калыхала,

Назаўсёды забудзе бяду і павалу,

Поле роднае

зернямі шчасця засее

І багатую ніву сажне...

Аб тым кажа нам паданне...

Па цёмных лясах, па чыстых палях,

Дзе кожная траўка

крывёй паліта,

І позняй парой і ранняй

Ці ранак асыпле пялёсткі на шлях,

Ці ноч рассцілае туманы над жытам,—

Праходзіць яно,

як калісьці ў баі,

На подзвігі новыя кліча,

Каб гэтак любілі радзіму ўсе мы,

Як шчыры салдат Бараўнічы,—

І сцежкі і краскі,

І песні і казкі,

І тое, што помнікам стала ў агні,

І тое, што выспее ў новыя дні.

 

А ўспомнім герояў,

што палі за край,

Над Волгаю ці ля Бярозы,—

І слёзы папросяцца з воч,—

што ж, няхай.

Хай плыняць —

То добрыя слёзы!..

1943-1944


1943-1944

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан