epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Падарунак

На развітанне, калі урачыста і проста

Мы паціснулі рукі за брацкім гасцінным сталом,

Дарагія сябры-кіяўляне ў адзнаку сяброўства

Падарылі мне кніжку — Шаўчэнкі іх роднага том.

 

— Вось,— сказалі яны,— як захочаш

пагутарыць з намі

Ці калі непагодаю смутак ударыць у твар,—

Толькі Кіеў успомні, і з’явімся мы прад вачамі,

І спяе табе песню, сардэчную песню кабзар...

 

Так па новай дарозе прыйшоў у мой горад са мною

Той, хто часта, як бацька,

у сэрца й раней заглядаў,

У казацкай папасе,

з трывожнай і звонкай струною,

З ціхім словам, якому душу ўсю аддаў.

 

Разам з ім прыгадаем мы стэпы Ўкраіны,

Шыр Дняпра, дзе сягоння ўсе думкі мае,

Я ў праменнях і кветках каханую ўспомню

дзяўчыну,

І кабзар зразумее і словамі ласкі пяе:

 

У гаю, гаю

Вітру немае;

Місяць високо,—

Зіронькі сяють.

Вийди, серденько,—

Я виглядаю;

Хоч на годину,

Моя рибчино!

 

Ці пачула яна? Гукі ўзрушана ўдаль адлятаюць.

Як на крыллях, імкнуцца {імкпуцца

да ўспененай хвалі Дняпра.

Так, пачула, пазнала і песню здалёку вітае,

Бо ўжо зноў загучала струна кабзара.

І нібы не было паміж намі расстання,

Быццам я толькі што між сяброў пабываў,—

Гэта шчырае шлюць прывітанне і Кіеў і Канеў

У мой край,

што на бітвы заўжды поплеч з імі ўставаў;

 

У мой край, дзе народнае шчасце заззяла,

Як і там, на Ўкраіне, у радасны сонечны час,

Дзе — як там беларускаю мовай Купала —

Украінскаю мовай нас грэе Шаўчэнка Тарас...

1954


1954

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан