epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Паэма сустрэчы

— Ты гэта? —

спытала асцярожна.—

Ты ці не?..—

Дрыжыць рука твая.

— Гэта я...

вось ранец мой дарожны...

Я гэта...

павер жа... гэта я...

Косы серабрацца...

вочы ў стоме...

— Ты яшчэ не верыш?

Паглядзі —

Не вачмі,

слязамі — ім вядомай...

Сэрцам глянь,

бліжэй жа падыдзі.

 

*

Назусім прыйшоў я,

а не ў госці,

Да цябе — другой такой няма.

Я прыйшоў з трывожнай маладосці,

Аб якой ты ведаеш сама.

Я прыйшоў, пазнаўшыся з грымотамі,

Цёмнымі лясамі і балотамі,

Далямі, спавітымі туманамі,

Бурнымі марамі-акіянамі,

Светлымі вясновымі сцяжынамі,

Даллю неабсяжнай палявой,—

Я прайшоў жывымі каляінамі

Радасці і горнасці людской.

 

*

Падышла бліжэй.

Пазнала? Так, пазнала.

— Верыш?

— Не паверыць не магу...

— Што ж цяпер зрабіць мне, каб памалу

— Ты сваю развеяла тугу?

Рукі твае

цалаваць мне трэба,

Губы твае

трэба цалаваць,

Вочы твае, што сіней за неба,

Трэба цалаваць і мілаваць.

Назусім прыйшоў я,

а не ў госці,

Да цябе —

другой такой няма.

Я прыйшоў з трывожнай маладосці —

Аб якой ты ведаеш сама.

Я прайшоў франты, я бачыў прысак

Там, дзе мы чакалі светлых руж.

Нездарма

агнём я ў сэрцы высек

Слова-папярэджанне:

— Не руш!

Я прайшоў франты, і там вучыўся

І любіць і ненавідзець я.

Ты прабач,

што я прыйсці спазніўся,

Ты даруй мне, добрая мая...

Я спяшаў,

я чуў тваю трывогу,

Але я не мог пакінуць бой

За сваю вялікую эпоху,

За спатканне светлае з табой,

За ўсю гэту сонечную далеч,

За нябёс юнацкіх сіняву,—

Я не мог спыніцца на прывале,

Бо не для прывалаў я жыву!

Я не мог спыніцца,

бо заўсёды

Ненавідзець

буду да канца

Тых, хто ў маладыя нашы годы

Кінуў ліўнем грознага свінца,

Хто краіне нашай нёс навалу,

Хто з-за акіяна сёння зноў

Пагражае бомбай і напалмам

Сонцу думак нашых,

зоркам сноў.

Я і тут, з табой,— не перастану

Воінам, байцом сябе лічыць.

Каб ніякі вораг нечакана

Болей

нас не здолеў разлучыць.

Ласкі я хачу тваёй, мне трэба

Рукі твае, губы цалаваць,

Вочы твае, што сіней за неба,

Трэба цалаваць і мілаваць...

 

*

Белая зіма

мяце завеі,

Далі навакола замяла.

Але па-вясноваму надзеям

Мы дамо з табой

узмах крыла.

Калі я раней чаго не ўзважыў,

Не прыкмеціў часам, не заўважыў,

Зразумець і ацаніць не змог,—

Ты даруй мне.

Хай пра ўсё раскажа

Сэрцу твайму

гул зямных трывог.

Стань са мною.

Што ж, былі нягоды...

Дай руку мне.

Дзе рука твая?

Гэта я.

Навечна, назаўсёды

З маладосці я прыйшоў —

твой я.

1957


1957

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан