epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Паэты

Закаханыя ў росы, і кветкі,

І ў чалавечыя ўсмешкі,

Крыкам дзіцяці шчаслівыя

І крохкім агнём сыраежкі,

Няўрымслівыя,

Неспакойныя,

Бяссрэбныя

І беззалотныя,

Перад пяшчотным —

Бяззбройныя,

Перад пачварным —

Грымотныя,

Дзе вы,

Заўжды гатовыя

Да мукі і нават да смерці

За самую простую рысачку,

Якую з жыцця не сцерці,

За самую ціхую росачку,

Што ззяе

Вясёлкаю

Свету,—

Дзе вы,

на ўсё гатовыя

Дзеля жыцця,

Паэты?!

Чый гэта голас

Кволенькі,

Без мужнасці і без веры,

То нудненькі,

То вясёленькі

Чуецца з-за шыфаньераў,

Са спальняў імпартных, з крэслаў

Самага моднага стылю,

З гасціных, з пакояў пампезных,

Дзе ўсё

На вякі

Абкадзілі?

Гудуць, несусветнымі метрамі

Здзіўляюць суседзяў і жонак

Настырныя модныя мэтры

І згорбленыя піжоны,

Нясуць перапеўкі лірычныя

Пра геніяльных пеўнікаў

Ці ля бажкоў — прывычна

Цікуюць,

Каб хапнуць напэўненька.

Становяцца ў позу рашуча,

Маўляў, «такое скажу я...»,

Дзеляць славу замучаную,

Дый то не сваю, а чужую...

Паэты!

Устаньце, паэты!

Няўжо вашы сэрцы змірацца

З гэтай навалай па свету

У эпіцы вашай і лірыцы?

Няўрымслівыя,

Неспакойныя,

Бяссрэбныя

І беззалотныя,

Перад пяшчотным —

Бяззбройныя,

Перад пачварным —

Грымотныя,

Няўжо вы радасць і слёзы

Дзялкам аддалі для здзекаў?

О не!

Пад любой пагрозай

Жылі вы ў імя чалавека!

Паэты! Паэты!

Гучныя

Чую вашыя песні.

З імі я змалку заручаны

І з імі

Свой шлях

Накрэсліў.

Паэты!

У шэрагах вашых

Я ўсё на жыццё ахвярую.

Спявайце!

Не будзе мне страшна,

Калі сярод песень памру я!

 

1964


1964

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан