epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Паэзіі

Колькі, паэзія,

хціўцаў прад намі прайшло,

Колькія ставілі

нам на дарозе сіло,

Колькія прагнулі

нас у яго залучыць,

Колькі разоў

нас хацелі з табой разлучыць!..

Бомбы, і кулі,

і печаў Асвенціма чад,

Боль катаванняў,

і жаль незваротлівых страт;

Здзек прайдзісветаў,

і дула наёмніка ў скронь,

Немач палону,

і стрэлы шалёных пагоінь,

Шпікаў грымасы,

і рык ваяўнічых пагроз,

Ёнкі-праклёны,

і атамны дзікі псіхоз...

О, каб сабралі

ўсю лютасць, што слалі на нас,

О, каб сабралі

з табой мы аднойчы за раз,—

Колькі прадстала б

прад светам бясконцай жуды! —

Ён скалануўся б,

вясёлы наш свет малады...

Толькі такога

ні ў век мы не зробім з табой! —

Хай нашы мукі

для свету не стануць журбой.

Будзь ты, паэзія,

новым кагортам людзей,—

Смелай пясняркаю

самых іскрыстых надзей,

Будзь ім пралескаю

ў сцюжнай віхурнасці дня,

Будзь ім галубкай

сярод гругання-варання,

Звонам струны

сярод згубнасці і калатні,

Гулам агню

у бяздушнай пустой цішыні;

Голасам любай —

і ў шчасці, і ў чорнай бядзе,

Клятваю друга,

што поплеч на бітвы ідзе,

Будзь ты ім верай,

крыніцай жывога святла,

І тым мячом,

што так згубны, так страшны для зла!

 

1961


1961

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан