epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

"Пагнаў у трубку жыта..."

Пагнаў у трубку жыта

цёплы дождж.

А сонца выйшла,

і зямля — як дымная.

І пахне хлебам

ніва неабдымная,

Нібыта ўжо

гарачы бохан

рэжа нож.

 

У промнях кроплі —

б'юць, як метраном;

Руку паклаўшы

на сцяблінкі чыстыя,

Нібы дзіця сваё

яшчэ ў калысачцы,

І мацае, і песціць

аграном.

 

Хусцінку вецер

скідвае з плячэй.

А жыта —

бы ў паклоне ёй

схіляецца.

І ўсмешкай яснай

шчокі заліваюцца.

І вусны шэпчуць:

— Ты ж расці хутчэй!..

 

1979


1979

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан