epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

"Паехаў друг, і апусцеў вялізны гмах..."

Паехаў друг, і апусцеў вялізны гмах,

Хоць і запоўнены людзьмі паверхі.

І я — адзін.

Стаю ў задуме.

Нібы той Ярмак.

І жаль б’е грудзі, што не я паехаў.

 

Нашто мне гэты холад чынны. Тлум пусты.

Нашто мне гэта міні-максі панства.

Ўбоства веліч.

Грукочуць над іст-Рыверам масты.

Што мне да іх — хаця б яны й запелі !

 

Нашто вунь той пугач мне. Ці вось гэты грыф.

Капелюшы. Ухмылкі. Злосць пад маскай.

Нью-Йорк. І сёння ён шыкуе, як каліф.

Ах, ну нашто мне гэтай пыхі казка...

 

Калі ты сёння, друг мой, пакідаў

Край гэты і прыйшла пара расстацца,

Я шчасця ўсёй душой табе жадаў,

А лёсам так хацеў з табою памяняцца!

 

Настане міг, і я свой скіну фрак.

Цяплом Радзімы сэрца адагрэю.

І кінуся насустрач нёманскім вятрам,

І над Сажом — марозам гулкім і завеям.

 

Усё, што сэрца радуе здалёк,

Вазьму прывычна — як бярэ свой плуг араты...

А тут —

яшчэ нямала новых дзён

Кідай душу пад гэты грозны тлум зацяты.

 

Вунь зноў плыве натоўп, і зноў прымае гмах

Маўклівых, чынных — бы нясуць з сабой малітву...

Ах, што гадаць, Ярмак! Не стой, ідзі, Ярмак!

Як ні маркотна,

а пара на бітву...

 

Паехаў друг, і апусцела ўсё наўкруг,

Хоць гмах людзьмі запоўнены даверху.

Шчаслівы табе шлях, мой добры друг!

Адно шкада:

што я з табою не паехаў.

 

Лістапад 1969,

Нью-Йорк


1962;1981?

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан