epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Палац

Быў для новай будоўлі вясновымі днямі

Сярод мінскіх руінаў расчышчаны пляц.

І праз міг ужо горад звінеў галасамі

Непаседаў-падлеткаў:

— Тут будзе палац!

 

— Тут будзе палац! — кажа першы,—

Таму,

Што прыслала ад гораў Каўказа краіна {краіпа

Чарнаморскі граніт свой і мармур яму

І найлепшую цэглу з гайду*каўскай гліны.

 

А для вокнаў шырокіх празрыстае шкло

Аж з-пад Гомеля везлі з праслаўленых цэхаў,

А жалеза яму Запарожжа дало,

А з рубінамі майстра з Урала прыехаў.

 

Будуць зоры, нібы над Крамлём, тут палаць,

Вось чаму гэта будзе цудоўны палац!

 

А другі не згадзіўся:

— Па-мойму, сябры,

Скора ўстане таму аж пад неба палац тут,

Што прыйшлі на руіны такія майстры,

У якіх дзівам робіцца шчырая праца.

 

Горад родны героі прыйшлі будаваць,

Што паставілі столькі ў жыцці гарадоў! —

Калі б іх па краіне

пайшоў аглядаць,—

Не агледзеў бы, пэўна,

за сотню гадоў.

Іхніх сэрцаў святлом

будуць зоры палаць.

Вось чаму гэта будзе цудоўны палац!

 

— І не толькі таму,— кажа трэці.—

Будынак

Можна ўсюды і ладны і моцны злажыць.

А палац пабудуе таму тут краіна,

Што ў ім самы шчаслівы

народ будзе жыць.

 

Будуць жыць у ім

слаўных паходаў салдаты,

Чый штандар прамяністы шляхі азарыў,

Следапыты, шукальнікі песень крылатых,

Прыгажэйшага ў свеце жыцця ўладары.

 

Ім у далеч вякоў будуць зоры палаць.

Вось чаму гэта будзе цудоўны палац!

 

Галасы ўсё звіняць. А вясна паміж слоў

Аздабляе іх песняй, што дорыць ёй жаўранак,

І, ўліваючы ў радасны звон малаткоў,

Падымае, як гімн,

над зямлёю прачаўранай.

 

І прараб раптам здзіўлены ўзняўся нясмела

Над гранітам, што з самай зары шліфаваў:

А чаму гэта нібы ў вачах пацяплела

І вясёлкай прамень на расніцах зайграў?

 

Слёзы? Мусіць, што так. Але як яны ззялі

Тыя слёзы! Ніколі не ведаў такіх.

І ён склікаў дзяцей:

— Вы ўсе праўду сказалі

Вы ўсе праўду сказалі, мае дружбакі!..

 

Але я адказаў бы, што ўсё: і кілімы

Ніў жытнёвых, і ясны прастор веснавы,

І багацці,

што мы здабылі для радзімы,—

Гэта ўсё ёсць таму ў нас,

што ёсць у нас вы!

І для вас будуць родныя зоры палаць.

І таму тут устане цудоўны палац!

1948


1948

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан