epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Палеская полька

Гарманіст мяхі разводзіць,

І пайшло ў катле кіпець!

Проста самі ногі ходзяць,

Паспрабуй — стрывай, уседзь:

 

— Ой, хто з Полькай не танцуе,

Той дарма зямлю дранцуе.

Ох ты ж, Полечка мая,

Ты не любіш, люблю я!..

 

Без ашчады б’еш абцасы,

То й глядзі — захлыне дух.

А спаволіш ногі часам —

На ўсю хату грымне круг:

 

— Ой ты ж, Полька, што ты, што ты,

Ці шкадуеш мае боты?

Не шкадуй, як разлуплю —

Пайду новыя куплю!..

 

Дзе ж ты кінеш гэпаць — сорам! —

Заклююць і засмяюць.

Бо і Польцы нават — хорам —

Не пяюць — прысуд даюць:

 

— Пакуль Полька танцавала,

Патуль Польцы шанцавала.

Як не стала танцаваць,

Перастала шанцаваць!

 

— Перастала, перастала,

Пакуль зноў затанцавала.

Ох ты ж, Полечка мая,

Сып нагамі, як і я!..

 

І ўсе разам — сыплем, сыплем,

І ніяк ужо няўцям:

Хто дзярэ басок асіплы —

Ці твой сябра, ці ты сам:

 

— Ох ты ж, Полечка, ты Полька,

Мая радасць, мая болька,

 

Ох ты ж, Полька, хоць радзі,

А шпарчэй са мной хадзі!

А шпарчэй са мной хадзі

Ды на іншых не глядзі!

 

— Ды на іншых не глядзі!..

— Ды на іншых не глядзі!..

Сціх гармонік...

— Стоп!..— Сябры

Кажуць: — Сядзь вось... Пакуры...

 

1975


1975

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан