epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Пальмы

Прасілі высокія горы,

Вятрам засланяючы пуць:

— Не вейце,

Не вейце вы, вольныя ветры,

Не вейце, хай пальмы растуць.

 

Вятры прыпыніліся, змоўклі,

Ў даліны прыйшла цішыня.

— Ці добра,

Ці добра вам дыхаць тут, пальмы

Пад сонцам маўклівага дня?

 

І горы, і мора, і неба

З іх ласкай — усё для вас ёсць.

— Расціце,

Расціце без клопатаў, пальмы,

Гадуйце сваю прыгажосць.

 

Але не адказваюць пальмы,

Змагліся яны ад тугі.

Сябры ім,

Вятры ім вясёлыя сняцца,

З дажджамі на крыллях тугіх

 

Нашто тыя пальмам блакіты,

Калі без расінкі яны?

Нашто ім,

Нашто ім спякотная ціша,

Калі ў ёй маркоты адны?

 

Нішто не заменіць ім ліўняў,

Густых ручаін на зары,

Нішто іх,

Ніколі нішто так не ўсцешыць,

Як песняй прастораў вятры.

 

І зноў бы падужацца з імі,

Спагаду ў іх сіле адчуць

І лёгка,

І лёгка пад громам вясновым

На поўныя грудзі ўздыхнуць!..

 

Так марылі пальмы ў далінах.

І горы не ў крыўдзе на іх.

— Ідзіце,

Ідзіце вы, вольныя ветры,

Да шчырых сябровак сваіх!

1954


1954

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан