epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Палымянкам

Ці хто забароніць,

ці хто калі спыніць?..—

Сівую з прызнаннем схілю галаву...—

Сяброўкі,

заўсёды між цуд-гераіняў

Я першымі вас, дарагіх, назаву.

Не, вы не ўставалі ваеннай парою

На подзвіг,—

ваш подзвіг штохвілі ў жыцці:

З руплівасцю сэрца, з душэўным настроем

Да сэрцаў людскіх з добрым словам прыйсці.

Чытаю ваш ліст, і жыцця спадзяванні

Ўсе бачу наяве — хоць шчасцем паўней;

Вы — з гордага племя,

бо вы — палымянкі,

І заклік ваш чую гучней і гучней:

Калі нават

горшае выпрабаванне,

Калі нават

першая куля ў скронь —

Не выклікай

да сябе шкадавання,

Лепш выклікай

на сябе агонь!..

Усё гэта ўспомню я зноўку і зноўку,

Прызнання не спыняць ні бура, ні час!

З пашанай схілюся прад вамі, сяброўкі,

З падзякай —

што жыў і застаўся між вас!..

 

1979


1979

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан