epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

«Памагаты»

— Вы чулі гэта? Ай-я-яй! Скажыце,

Што робіцца? Іду па сцежцы ў жыце,

Гляджу, а там —

ну, дайце, людцы, рады!

Буланы конь з чацвёртае брыгады

Гуляе сабе, топча рунь, скубе...

«Ну, абібокі! — думаю сабе.—

Ну, конюхі! Не пражыву я дня,

Калі змаўчу!..»

— А ты ж сагнаў?

— Каго?

— Каня!

— Каня? Але пры чым тут я?

Каня зганяць — то справа не мая,

Хай конюхі глядзяць, да іх дакоры!

А ўчора?

Таксама быў абураны я ўчора!

Паслухайце, ці ж гэта, братцы, лад:

Зноў на зіму

наш не дагледжан сад.

А старшыня?.. Учора я ў праўленні

Кажу пра сад, а ён —

нібы ў здзіўленні:

«А ты,— пытае,— дзе дагэтуль быў?

Ты ж наш садоўнік!»

Я? Што мог, то я рабіў...

Ну, скажам, вусеня сагнаць ці прышчапіць.

Але ж не ўсё самому мне рабіць,

Ты дай людзей мне,

каб папрацавалі...

— Эх, браце! — слухачы яму сказалі.—

Відаць, які ў сям’і ты памагаты:

Не многа прыбыло б у нашы хаты,

Каб гэтакімі ўсе былі, як ты,—

Крычыш, а сам ад справы —

у кусты...

1958


1960?

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан