epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Памяці песняра

Партызаны, партызаны.

Беларускія сыны.

Я. Купала

 

Слова, што мужнасць кавала,

Слова, што ў бой падымала,

Ты — са святлом нашай славы

Зліта ў дыханні адзіным.

 

Толькі пачуеш: Купала,

Толькі прамовіш: Купала,

І паўстае прад вачыма

Ўся дарагая Айчына:

 

Поле з багатаю нівай,

Ззянне палацаў сталіцы,

І залатыя штандары,

І баявыя дарогі.

 

Бор над ракой гаманлівы,

Явар над звонкай крыніцай,

І маладосці імклівасць,

І маякі перамогі.

 

Чый гэта голас так чуцен?

Хто гэта, хто гэтак смела

Поплеч з сынамі Расіі

Крочыць у ясныя далі?

 

Гэта ідуць беларусы...

Мы...

Ўсе...

І ты, і Гастэла...

Ўсе — што за лёс чалавека

Грознаю сілаю ўсталі...

 

Слова народа — Купала,

Песня народа — Купала,

З намі ішоў ты ў паходах,

З намі ты будзеш заўсёды.

 

Слова, што мужнасць кавала

Слова, што ў бой падымала,

Сёння згукае да працы,

Працы на шчасце народа.

 

І калі жыта сцяною

Ўстане на полі — дык ведай,

Там і твая у ім доля,

Там і твая ў ім пашана.

 

І як пад новай страхою

Сыдземся мы на бяседу —

Помні, што дом гэты новы

Намі з табой будаваны.

 

Слова, што мужнасць кавала,

Слова, што ў бой падымала,

Ці ж яно можа пагаснуць,

Ці ж яно можа забыцца?!

 

Слава народа — Купала!

Песня народа — Купала! —

Не, ты не можаш памерці,

Як і не мог не радзіцца!

1947


1947

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан