epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Папярэджанне

Рука мая ляжыць

на зерні адборным, чыстым,

Не чапайце маёй рукі!

Сэрца маё імкнецца

да сэрца любага друга,

Не чапайце сэрца майго!

Помніце, не забывайце,—

я быў на вайне танкістам,

Я прайшоў да Шпрэе-ракі.

Помніце, не забывайце,—

я смерць прыносіў звяругам

Са стрэлу свайго аднаго!

 

З радасцю я адвык

ад кананад і пажараў,

З радасцю ад смерці адвык.

У мяне ёсць добрыя дзеці,

растуць яны для весялосці

У мірнай маёй старане.

Але не забывайце, помніце,—

я не страціў трапнасці ўдару.

Не забывайце, помніце,—

ваш прадсмяротны крык

Упадзе без славы

на вашы сатлелыя косці,

Не забывайце,—

І не чапайце мяне.

 

У садзе маёй душы

кветкі заслалі нянавісць,

Хай цвіце, мацнее той сад!

У зроку маіх імкненняў

святло адолела цені,

Хай бясконца праменіць той зрок

Не чапайце мяне!

Не чапайце мяне!

У імя ўсіх людскіх пакаленняў

Папярэджваю —

Не кранайце

гневу майго курок!

1961


1961

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан