epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Папяровая гара

Ля калгаснага двара

Раптам вырасла гара.

 

— Што такое? Што за дзіва? —

Люд пытае палахліва.—

Мо прайшло землетрасенне?

Ды глядзяць: ідзе з праўлення,

Як заўжды, спакойна дзед —

Вартаўнік...

На месцы свет!..

 

— Гэта я вам даў загадку,

Не палохайся, народ! —

Дзед гаворыць для парадку.—

То паперкі, што за год

Нам прыслалі «загі», «намы»:

Пісьмы, формы, тэлеграмы...

Можа, й ёсць віна мая —

Скрыні ўсе пачысціў я...

 

І старых і дзетвары —

Цэлы гурт каля гары.

«Як саліць патрэбна сала...» —

Цётка Ганна прачытала.

Галавою паківала:

— І нашто рука пісала?

 

— А вось тут...— сказаў Хвядос,

Чулі вы пра тое,

Што бывае сенакос

Летам, не зімою?..

— Ліст: «Як коней запрагаць,

Перш чым куды ехаць»...—

Дзядзька Фёдар стаў чытаць,

Ды заліўся смехам.

 

Доўга корпаліся людзі

Ў папяровым гэтым грудзе:

І пра пойла і пра стойла,

Пра стагі і мурагі,

І пра бочкі і прымочкі,

Пра чаны і качаны

Тут напісана было.

Вось дзівілася сяло!

 

А старэйшыя сказалі:

— Так... Відаць, крытыкавалі

Старшыню мы ўсё ж без меры.

Бо як гэткія паперы

Начытаеш год ці два —

Пойдзе кругам галава!..

Мы таксама скажам «намам»,

Што штампуюць тэлеграмы,

І тым «загам» і тым «начам»,

Што прывыклі не іначай

Размаўляць, як праз пуды

Папяровае нуды:

Вам даўно пара падняцца,

Да людзей ісці пара!

Не паможа нашай працы

Папяровая гара.

1954


1954

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан