epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Пара настала

— Пара настала,

Расчыню акно:

Вясна вятрамі

Ў шыбы б’е даўно.

Няхай з адталых

Рэк і ўсіх азёр

Нясе ў наш дом

Свой гул зямны прастор,

Няхай той гул

Нам сэрцы ўскалыхне,

Быць можа, ты

Падорыш ласку мне...

— Пара настала,

Расчыні акно —

Такога дня

Чакалі мы даўно.

Такога дня,

Які б прынёс адказ,

Ці будуць сэрцы

Здружанымі ў нас.

Цяпер без слоў

Адчулі мы ў жыцці:

Пакуль мы ўдвух,

Нам лёгка ў шлях ісці,

І ласкі нам

Не вычарпаць да дна,

Як мора даль,

Бязмежная яна.

1955


1955

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан