epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Парторг

Калі паднялася яна на сцэну

І працягнула ў залу руку,—

Як бы па камандзе —

гамонцы на змену

Прыйшла цішыня ў самым дальнім кутку.

 

Стаяла жанчына — простая, ясная,

Позірк задумны, строгі ледзь-ледзь.

Парторг. У роднай сям’і калгаснай

Кожны здолеў яе зразумець.

 

Яна не хвалілася, не чаравала,

Не абяцала лёгкіх удач.

Партыі планы яна адкрывала

Сёння сялу — як народны сурмач.

 

Ад сэрца ішлі запаветныя словы,

У праўдзе і шчырасці моц іх была.

І людзі, высока ўзняўшы галовы,

Ішлі ў свае мары з парторгам сяла.

 

Бо кожны тут ведаў,

што сёння, да сходу,

І гэтак учора, і гэтак штодзень,—

Яна не сядзела ў цяньку, а з народам

Была там, дзе творыцца шчасце людзей.

 

I кожны тут ведаў,

што перш чым з’явіцца

Сюды, прыхарошанай, чыстай такой,

Паспела і ў лузе яна натрудзіцца,

Дзе густа ўставалі стагі над ракой,

 

І ў хаце паспела прыбраць усё чыста,

І дзетак рупліва дагледзець малых.

А потым мужа свайго, трактарыста,

На працу сабраць па-жаночаму ўміг.

 

Такая ж яна, як усе тут, такая...

Чаму ж гэтак сэрцы імкнуць да яе?

Чаму яе слова

кожны чакае,

Каб думкі, пачуцці

праверыць свае?

 

Усім яна стала жаданай і блізкай,

Патрэбнай і ў радасці ўсім і ў бядзе,

Што сэрцам гарачым яна — камуністка —

Па-ленінску мудра

ў свет добры вядзе...

1956


1956

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан