epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Партрэт

Вітаецца містэр яшчэ здалёк:

— Хау ду ю ду...

На белай манішцы —

бант-матылёк

Пад пухлую бараду.

У містэра —

вытанчаны этыкет.

Містэр пабачыў свет.

 

У містэра клопат:

яму для газет

Спатрэбіўся мой партрэт.

— Хау ду ю ду! — кажу ў адказ.

І ўсмешка — на ўвесь разбег.

Валяй, містэр!

Зафіксуй напаказ

Мой

з твайго клопату

смех!..

 

Смяюся...

Смехам

па містэру — залп...

Містэр збянтэжан:

— О сэр!..

Не гэткі,

мусіць,

хтось заказаў

Яму

партрэт з СССР.

 

Мусіць, чакалі:

калі паэт

Выліў

у песнях

сваю тугу,

Дык ужо ён

на бляск замежных манет

Кінецца

з комам слёз на бягу;

 

Дык ужо ён

прад містэрам скрывіць рот,—

Маўляў, змардаваны ўшчэнт,

Як які-небудзь

гаўкала з-пад варот

Ці вырадак-дэсідэнт...

 

— О сэр!..—

у містэра ветлівы твар...

Ды ў голасе — новы лад...

Бачу —

таропка хавае ў футляр

Містэр

свой апарат.

 

— О сэр!.. —

і задам

містэр хутчэй

Гуд бай, маўляў, сэр паэт...

О!.. Містэр мой ведае,

як з вачэй

Знікаць —

завучыў этыкет...

 

І я стаю, і гляджу яму ўслед,

І думаю:

вось небарак,

Што ён адкажа дзялкам з газет,

Чым апраўдаецца, як?

 

Што ён прыдумае,

што напляце

Пра стрэчу са мной, пра мой лёс,—

Каб ад няўдачы

не звар’яцеў

Ягоны газетны бос?..

 

1978


1978

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан