epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Партрэт героя

Сумна маці адной жыць, сумна.

Што ні дзень —

то на матчыным твары маршчына.

Год за годам ідзе, а адна ў яе дума:

Чакае

Не дачакаецца сына.

 

Чакае

Не дачакаецца,

Гукае

Не дагукаецца,

Не дапытаецца маці ні ў кога:

Як ён, сын яе, зараз маецца,

Дзе ён, дзе яго сцежка-дарога?

 

Што дадому ён доўга не прыязджае,—

Не бяда. Не таму яе хіліць журбота.

Сумна, што адраса сына не мае,

Нагаварыцца б праз пошту ў ахвоту!

 

Ёсць у яе яго адрас вайсковы,

Ёсць партрэт — каля сэрца насіла:

У суровай задуме зведзены бровы,

Твар, як выліты: мужнасць і сіла.

 

Беларускія пушчы, ціхія лозы,

Лясныя азёры, неараныя пожні,

Партызанскія рэйды, гром паравозаў...

Вось ён, адрас апошні.

 

Толькі не ведае, журыцца маці,

Дзе ён сягоння, куды напісаць ёй?

І — пасылае ліст яна краю,

Ліст палымяны Радзіме вялікай:

Хай адкажа ёй — хто што знае,

А не знае — паможа хай клікаць.

 

Час прамінае — за летамі зімы...

І прыходзяць маці тысячы лістоў,—

З усёй неабсяжнай Радзімы

Тысячы партрэтаў і адрасоў.

 

Маці шчаслівыя слёзы ўцірае,

Ды ніяк зразумець не можа праз радасць:

Якая ж прафесія ў сына, якая

У любага сына сёння пасада?

 

Там ён — у куртцы стаіць машыніста,

Там на ім — новы мундзір, пры пагонах,

Там — у вясковай кашулі квяцістай,

А вось на гэтым партрэце — вучоны.

 

Мусіць, вялікія справы ў сына,—

Думае маці,— такі мнагалікі...

Мусіць, вялікі ён для краіны...

 

Так, вялікі, маці, вялікі!

1953


1953

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан